«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ГРО́ДЗЕНСКАЙ ЭКАНО́МІІ»
(«Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями»),
комплекс гаспадарча-ўліковай і інш. дакументацыі Гродзенскай эканоміі сярэдзіны 16 — сярэдзіны 18 ст., выдадзены ў 1881—82 Віленскай археаграфічнай камісіяй у 2 ч. Дакументы ўзяты з актавых кніг Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў, на польск. мове (1 дакумент на бел. мове). У ч. 1 змешчаны «Рэестр памеры валок, гарадоў і Гродзенскай воласці...» (1558), дзе зафіксавана рэвізія валочнай памеры ў эканоміі, праведзенай на падставе «Уставы на валокі» 1557. У ч. 2 змешчана інвентарнае апісанне гродзенскіх замкаў і велікакняжацкага двара Гарадніцы (сярэдзіна 17 ст.), «Рэестр валочнай памеры горада і мястэчак, воласці і ўсіх двароў, якія належаць да Гродзенскага замка» (1550—60-я г.), «Генеральная ўстава Гродзенскай эканоміі» (1680), «рэвізія» дакументаў г. Гродна, гар. пляцаў і прыбыткаў (1675?), «рэвізія» лясніцтваў эканоміі (1764), вытрымкі з «рэвізіі» эканоміі з пералікам каралеўскіх прывілеяў мястэчкам 16—17 ст. і інш. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе апісаны гродзенскія замкі і сам горад, ахарактарызаваны катэгорыі насельніцтва эканоміі і іх павіннасці.
В.С.Пазднякоў.
т. 12, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)